Журналістыка

Культура праваахрЭніцельных органаў, альбо Калі ласка прыходзьце на беларускі футбол

Беларускі байкот па-фанацку: Поўная шыза, ці Яны зьбіраюць стадыёны!


Магілёў

Высокакультурныя мэтады, якімі карыстаюцца супрацоўнікі беларускіх праваахоўных органаў падчас выкананьня сваіх абавязкаў, досыць шырока вядомы. У тым ліку і па-за межамі краіны.

Прапаную ў сьвеце неабходнасьці прыцягненьня ў Беларусь замежных турыстаў і іх грошаў распрацаваць адпаведную турыстычную праграму. Стаць відавочцам незабыўнага шоў з удзелам высокакваліфікаваных прафэсыяналаў можна за сымбалічную суму. А калі пашанцуе, то нават і за так можна глянуць. Ці нават паўдзельнічаць!

Шматлікія прадстаўнікі місіі па акультурваньні беларусаў будуць рады вас усіх прымаць на нашых стадыёнах. Не прапусьціце! Станьце гледачом! Вы гэта запомніце на ўсё жыцьцё!

Прома-ролік:
Увага: у кліпе спецыялістамі ўжытваюцца спецсродкі (скарочана - СС), якія патрабуюць таленту, шматгадовай падрыхтоўкі і няспынных трэніровак - лаянка і брыдкаслоўе. Карацей, папярэджваю, што спецэфекты дзецям і асобам з неўсталяванай псыхікай глядзець не рэкамэндуецца. Бо СС і сапраўды задзейнічаны напоўніцу!

Вядома, што лепшыя якасьці дэманструе СС на галоўнае арэне краіны стадыёне "Дынама" (2008 год, сустрэча менскага "Дынама" і салігорскага "Шахтара").


Collapse )


Салігорскі краявід

Уражаньні і ўспаміны пасьля наведваньня спецмерапрыемстваў відовішчаў у вас застануцца калі на ўсё жыцьцё, то на пару-тройку тыдняў, а калі пашанцуе - то і на пару месяцаў ці паўгады! Магчыма нават вы будзеце мець магчымасьць паказаць тыя-сія сваім сябрам ды знаёмым!

Чарговы паказ - 16-17 кастрычніка!!!



Фан, have fun!
Журналістыка

Калі пытаньні стануць адказамі

Набліжаецца чарговы сэзон НХЛ. Праца трэнінг-кэмпаў у самым разгары. Усё зараз робіцца для запаветнай мары кожнага хакеіста: дакрануцца да Кубка Стэнлі напрыканцы сэзону.


Новыя кароценькія і амаль геніяльныя відзюшкі прамоўтэраў лігі паказваюць, як рыхтуюцца да гульняў лепшыя хакеісты сьвету ды як разважаюць аб гульні і яе героях заакіянскія журналісты.


Сідні Кросбі ўздымаў трафей над галавой год назад.
...Але гэтага мала.


Collapse )


А вось Джонатан Тойз будзе абараняць тытул уладальніка Кубка Стэнлі ад усіх папярэдніх герояў відэазамалёвак.




У гэтым годзе ў нас за акіянам дарэчы як ніколі шмат беларускіх каманд - ажно чатыры. Мінімум :)

Хай становіцца больш! І хай калі-небудзь у падобнага ўзроўню відэа здымуць і нашых хакеістаў-беларусаў.

Цікава, хто дасягне ўзроўню хутчэй? Тэлебачаньне беларускае ці хакеісты сінявокай?

Канкурэнцыя - рухавік прагрэсу! Дык рухаемся ;)

Журналістыка

Беларусь - у чацьвёрцы лепшых зборных сьвету!

 Наша жаночая дружына, абыграўшы расеек 70:53, выйшла ў паўфінал Чэмпіянату Сьвету ў Чэхіі!


Галоўны трэнер Анатоль Буяльскі і лепшая баскетбалістка нашай Каманды Алена Леўчанка (спасылачка на файную размову з нашым не толькі мегагульцом, але і вельмі цікавым і разнастайным чалавекам) - у момант фінальнай сырэны чвэрцьфінальнай сустрэчы


Момант, параўнальны з голам Копаця :)

Collapse )


...Нашы сьвяткуюць!!! І мы разам з імі!!!
АААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААААА!!!


Сёньня ўвечары а палове на восьмую сустракаемся з гаспадынямі спаборніцтваў, якія ўчора адолелі чэмпіёнак сьвету з кенгерушнага кантыненту.

Падтрымліваем Беларусь! 
Журналістыка

Салігорская прысутнасьць у Парыжах, альбо Як гэта глядзелася з Францыі і Амэрыкі

Наша Шахта - над Парыжам!

Падарожжа спадароў фанатаў на гульню плянавалася задоўга да выезду. Але ці ведаў хто, што пяцідзённы тур, які з улікам затрат на пералёт, гатэль, квіток на гульню, квасаваньне ды крамаваньне ў месцах, дзе ў асноўным, калі сустракаешся з Зіданам і яго нашчадкамі, прынята ўзгадваць пра фанеру і яе здольнасьці перасоўваньня па паветры, абышоўся пад 9 соцень эўра, стане бясцэнным! 

Разам з фанатамі па крыху больш заблытаным маршруце ўсяго за 2 дні пераадолелі акіян і дабраліся да Сэн-Дэні дзьве хакейныя алімпійскія ванкувэрскія кашулькі з Беларускай Пагоняй на грудзях ды Салеем-23 і Demonaz`ам-66 на сьпінах. Шлях Нью-Джэрсі - Нью-Ёрк - Вена - Менск - Салігорск - Менск - Парыж і вось ён "Стад дэ Франс", дзе 12 гадоў назад гаспадары ўздымалі над галовамі Кубак Сьвету, сустракаў беларусаў.


Салігорцы - у дзень узяцьця Сэн-Дэні: "У пераможны шлях!"

Эмоцыі, якія давялося перажыць у той дзень, кошту ня маюць.

Бо гэты дзень не забудзецца нават тымі, хто скакаў перад тэлевізарамі ў Беларусі, ды тымі хто рваў, што той певень галасавыя зьвязкі, нагадваючы суседзям-амэрыканцам пра беларускую прысутнасьць на кантынэнце, раскрываючы для іх новыя рысы характару людзей з далёкай краіны.

Collapse )


Хоць у клюбах што хакейным, што футбольным шмат што - дагары нагамі, трэба - каб заўзятарам не станавілася на гэта ўсё паралельна
Францускі певень пайшоў добра. Ці высмактаем на запівон трансыльванскай крыві даведаемся ўжо сёньня ;)
Журналістыка

Францыя - Беларусь - 0:1, ці Наша перамога і іх C`est la Berezina

 Някісла парадавалі!!!



Кісьляк - французам: "Берэзіна - во такой шырыні!"


ШчалБлан па-беларуску: "Думалі Кутузаў... А тут... Не чакалі рыбёхі во такой даўжыні".



А назвы-та:

Ажно два шокі для французаў на першай старонцы. C`est la Berezina...

Дзякуй, хлопцы!

Сьвяткуй, Беларусь :)



Collapse )



І Марсэльеза ў выкананьні прэзыдэнта не дапамагла...


Се ля ві :)

Журналістыка

Анры і відовішчаў - мала. Яшчэ б сала... эээ... Hleba

АНРЫал-ФУТБОЛ У ВЯЛІКІМ ГОРАДЗЕ, альбо ЧАРГОВЫ ПАЙШОЎ

Як раскладваюць Анры на артыкулы. Чаму “бычкам” патрэбен мэксіканец. Украінскае мінулае, эстонскае сёньня і грузінскае заўтра “яблыкавага” соккера. Ды запрашэньне ў госьці чарговага “барсюка”: беларускія амэрыканцы хочуць ня толькі відовішчаў, але і Hleba.



З ранейшых сэрыяў МЛС-летапісу беларуса ў ЗША: “Філядэльфійскі Саюзьнікі”, альбо Каманда, створаная заўзятарамі.
Здымкі: Яўген Крапіва, ака zidaner

MLS CAST


Шэраг гучных дэбютаў амэрыканскага соккеру-2010 працягваецца. Пасьля таго, як увесну раскрыў свае вароты для заўзятараў нью-ёркскі стадыён “Рэд Бул Арэна”, як сустрэлі філядэльфійцы сваіх “саюзьнікаў” ды як тыя сталі гаспадарамі свайго дому на 18 з паловай тысяч чалавек у “ПіПіэЛ-Парку”, Злучаныя Штаты цёпла віталі прыезд на кантынент чарговай зоркі. І Цьеры Анры аддзякаваў ім узаемнасьцю ўжо ў першым матчы на амэрыканскім кантынэнце - супраць англійскага "Тотэнхэму".



Распачаўшы свой амэрыканскі летапіс, французкі казачнік-рукапрыкладчык выкарыстаў негалівудзкую мадэль сцэнара.

ХЭПІ-СТАРТ


Collapse )

ПАФУТБОЛІЛІ – ПРАШВЫРНУЦЦА ПА МЯСЦОВАСЬЦІ


Амэрыканскі стадыённы стыль: прыйшоў - пабачыў - выпіў-пад'еў - перамог

Паблізу са стадыёнам – пару хвілін на машыне – разьмяшчаецца раёнчык з эквадорскімі і калюмбійскімі рэстарацыямі. Калі туды трапляеш становіцца зразумелым, чаму гуляе за “бычкоў” менавіта калюмбійскі форвард Хуан-Пабла Анхель.

ЗА КІМ ПАКРОЧЫЦЬ “БЫК” ДАЛЕЙ


Наколькі разумееш наяўнасьць калюмбійца, настолькі складана дапетрыць, чаму сярод “бычкоў” няма мэксіканцаў. Толькі зараз пайшлі хадзіць размовы-рэакцыя-на-чуткі пра пераход Рафаэля Маркеса - у свае 31 ён мог бы стаць самым маладым знакамітым замежным місіянэрам футбола эўрапэйскага ў краіне: вялізная колькасьць мэксіканцаў, жывучых і працуючых у Нью-Ёрку і ваколіцах, здольна паспрыяць паданшлагавай аўдыторыі “Рэд Бул Арэны” бадай на кожнай гульні рэгулярнага сэзону.

Калі ўжо на тое пайшло ды ўсталёўваюцца такія добрыя адносіны паміж “Барсай” і “Рэд Булз”, дык хай бы каталонцы і нашага Сашку Глеба сюды адправілі ;) Было б за каго (ці з кім?) пагудзець.

Сашка Hleb, прыяжджай у МЛС! Анры ж ізноў праклаў дарогу ;) А маршруты француз выбірае добрыя.




І галоўнае – Нью-Ёрк павінен Насьці спадабацца.

p.s Прывітаньні роднаму салігорскаму "Шахтару" і ўсім нашым заўзятарам з "быч'ей" арэны - ад нью-ёркскага фан-клюба каманды ;)
Журналістыка

Пра тое як пачаўся футбол у Філядэльфіі (вясновы рэпартаж ад 10 красавіка 2010)

“Філядэльфійскі Саюзьнікі”,
альбо Каманда, створаная заўзятарамі


Сталіцы – дык адразу дзьве, галы – дык трукамі з капялюшом, гледачы – дык дзесяткамі тысяч, адкрыцьцё – дык з удзелам вышэйшых асоб, сьвята – дык са смуткам, піва – дык ручаём, інтрыгі – дык напоўніцу, перамога – дык з салютам. Так выключна па-амэрыканску сустракала першая сталіца краіны другую, а разам з ёй і новага госьця на прасторах гораду братэрскай любові – футбол эўрапейскі.

Аўтар: Дзяніс Талпека, ака dyk

10 красавіка на стадыёне  для амэрыканскага футболу “Лінкальн Файнэншыал Філд” (Lincoln Financial Field) каманда па соккеру «Філядэльфія Юніан» (Philadelphia Union) згуляла першую хатнюю сустрэчу ў гісторыі.



34 тысячы 870 гледачоў з улікам гасьцей з Вашынгтону, прыехаўшых падтрымаць свой “Дзі Сі Юнайтэд” (DC United), пабачылі на свае вочы і першую перамогу філядэльфійцаў.


Той самы гістарычны склад "саюзьнікаў" . З падтрымкай сям'і Байдэна

МЛС: ці МАРЫ ЛІГІ СПРАЎДЗЯЦЦА?

Новай для амэрыканцаў гульні даводзіцца вытрымліваць неверагодную канкурэнцыю  на спартыўным рынку краіны. Канкурыраваць  з амэрыкафутбольнай НФЛ (NFL), бэйсбольнай МБЛ (MBL), баскетбольнай НБА (NBA) і хакейнай НХЛ (NHL) лізе соккера МЛС (MLS) пакуль рана: яны знаходзяцца пакуль у розных вагавых катэгорыях, гаворачы мовай адзінаборцаў. Аднак сьвет напрыканцы танэлю бачны. І гэта адназначна не ідучы насустрач цягнік.



Шлях да сэзону чарговага для лігі быў складаны. Яшчэ за тыдзень да першых сустрэч у чэмпіянаце не было дакладных дадзеных ці распачнецца сэзон і ўжо ўслых пачалі выказвацца меркаваньні пра магчымасьць лакаўту. Але прадказальна пагадненьне паміж прадстаўнікамі гульцоў, лігай і ўласьнікамі было ўсё ж дасягнута. Таксама па-амэрыканску – пад націскам дэдлайну, на падаючым сьцяжку: перамовы, якія вяліся ўсю міжсэзонку, выліліся нарэшце ў новую калектыўную дамову. Падпісаная 20-га сакавіка, яна будзе дзейнічаць на працягу бліжэйшых пяці гадоў.

Першая прычына такога зацягненьня  перамоваў – звычайная для Амэрыкі – грашовая. Бо МЛСаўцаў можна лічыць жабракамі ў параўнаньні з іншымі прафэсыйнымі лігамі ЗША. Толькі адна лічба для тых, хто хоць калі-небудзь чуў пра памеры заробкаў гульцоў у прафэсыйных лігах Амэрыкі, скажа ўжо шмат: у МЛС даволі шмат гульцоў зарабляюць за год у раёне 30-ці тысяч даляраў.

Для інфармацыі: заробак у 10 даляраў  за гадзіну (г.зн. каля 20 тысяч за год) – мяжа, ніжэй якой па амэрыканскіх мерках жыве ўжо сапраўдная бедната. Таму некаторыя саккерысты, як бачым – нават не сярэдні кляс. У новым годзе ў адпаведнасьці з калдамовай заробкі футбалістаў вырастуць, ды для іх прадугледжаны больш спрыяльны трансфэрны рэжым.

Collapse )
ПАБАЧЫЦЬ СОККЕР І...


Віцэ-прэзыдэнт на трыбуне - металашукальнікі тут як тут. І паліцыя. Вясёлая і, на першы погляд, немнагалюдная.

...Гэтага дню Філядэльфія чакала доўгі час. Асабліва нецярплівай была група падтрымкі каманды “Сыны Бэнавы”. Неіснуючай каманды. Дакладней – неіснаваўшай. Так-так, не зьдзіўляйцеся. У горадзе братэрскай любові на працягу апошніх трох гадоў актыўна разьвіваўся футбольны фан-рух. І расьлі яны без сваёй каманды. У якасьці трэніровак яны наведвалі гульні мініфутбольнай каманды “Кікс” (Philadelphia Kixx) ды выяжджалі да суседзяў-супернікаў у Нью-Ёрк выключна з мэтай падараваць сваё гучна-абураючае філядэльфійске “буууу” іх “Чырвоным Быкам” (New York Red Bull).

Хто гуляў з іх заўсёднымі канкурэнтамі з Вялікага Яблыка для іх было малаістотна: яны пелі песьні філядэльфійскія ды балелі супраць Нью-Ёрку...

І вось нарэшце яны дамагліся магчымасьці пазаўзятарыць і за сваіх.



“Сыны Бэнавы” (Sons of Ben) утварыліся ў 2007-м годзе і адразу распачалі актыўную дзейнасьць, накіраваную на стварэньне сваёй каманды МЛС у горадзе, дзе Бэн Франклін падпісаў з іншымі бацькамі-утваральнікамі нацыі Дэклярацыю Незалежнасьці ЗША. Менавіта пэрсонай спадара Франкліна і яго сувязьзю з Філядэльфіяй можна патлумачыць шматлікія сымбалі на лягатыпе “Сыноў”: блакітна-жоўтыя колеры, ключ, акуляры, электрычныя маланкі, паветраны зьмей у форме алмаза-ромба, раскол на чэрапе як адлюстраваньне падобнага разломы на знакамітым амэрыканскім Звоне Свабоды (Liberty Bell).

Collapse )
Нягледзячы на бачную няўзброеным вокам прывабнасьць філядэльфійскага рынку для соккера, новая арэна, якая разьмесьціцца за прыблізна 20 кілямэтраў ад галоўнай спартыўнай пляцоўкі гораду, будзе здольная прыняць толькі (нехта ў Беларусі ўсё яшчэ яшчэ кажа пра непапулярнасьць футболу ў ЗША?) 18,5 тысяч гледачоў. Маркетынгавыя дасьледваньні, якія так любяць і шануюць амэрыканскія рыначнікі-бізнэсмэны спартыўнай індустрыі, паказалі на аптымальнасьць менавіта такога памеру стадыёна для горада.

Але чамусьці падаецца, што філядэльфійскі тынэйджар-соккер на маркетынгава-інфармацыйных “зорна-паласатых” харчах здольны вырасьці з гэтых памераў ужо ў самы бліжэйшы час.



Рыхтуйся, футбол, соккер ідзе!
Журналістыка

Ізноў "23", альбо Як праца шукала ЛеБрона

Хто стане чэмпіёнам, альбо ЛеБроўнаўскія рухі

Самы смачны - хоць і амаль самы дарагі - дэлікатэс лепшай баскетбольнай лігі сьвету на сёньняшні за акіянам прадаецца неверагодна добра. Прычым спажыўцы гатовы плаціць не толькі за саму страву, але і нават ужо аддаюць свае грошы, пачуўшы недзе з-за вугла толькі пахі-водары самога яўства, якое ім прапануюць уладальнікі баскетбольных дружын ЗША.



Аб тым, як ЛеБрон Джэймс умее прадаваць квіткі ды зарабляць грошы для сябе і сваіх будучых працадаўцаў, а таксама куды баскетбаліста кліча Барак Абама - у расповядзе, падрыхтаваным Дзянісам Талпекай па матэрыялах аглядальніка
CNBC Дарэна Роўэла.

7 ліпеня зараз для ўсіх, хто цікавіцца баскетболам, –  чырвоны дзень календара ў НБА. У гэты дзень самы жаданы на сёньняшні дзень баскетбаліст лігі зробіць выбар на карысьць каманды, дзе ён працягне сваю кар'еру.

Заўзятары, медыі, шматлікія бізнэсы ды непасрэдна самі ўдзельнікі рэаліці-шоў "ЛеБрон выбірае працадаўца" – баскетбалісты ды іх босы рэагуюць зараз ці не на кожны подых і погляд Джэймса. Ад яго рашэньня залежыць сапраўды неверагодна шмат. Вы яшчэ ня ўпэўнены ў гэтым? Тады давайце паглядзім разам. Дарэчы паглядзім разам са шматмільённай аўдыторыяй, якая зьбярэцца пачуць у наўпроставым эфіры імя каманды-шчасьлівіцы, вымаўленае голасам “будучага чэмпіёна” – таго, хто прыйдзе на зьмену Кобі Браянту, а, можа, і нават Майклу Джордану.

Лепшымі расказчыкамі ў ЗША зьяўляюцца лічбы. Таму прыглядзімся да іх бліжэй і палічым, якіх грошаў сапраўды каштуе ЛеБрон, і наколькі выгадна зьвязвацца камандам-прэтэндэнтам зь ім, а яму супрацоўнічаць зь імі, прныяўшы да ўвагі, што заплаціць ЛеБрону працадаўца за наступны год можа не больш за 16,5 мільёнаў даляраў. Выключэньне - “Кліўлэнд”, дзе гуляў баскетбаліст. Там, згодна з калектыўнай дамовай, яму могуць прапанаваць на некалькі мільёнаў больш.

ЛеБРОН – МЕДЫІ – РАКЛЯМА – СПАЖЫЎЦЫ – ГРОШЫ - ЛеБРОН

Пра папулярнасьць ЛеБрона сьведчыць цудоўна той факт, што праз тры гадзіны пасьля стварэньня свайго акаўнта ў твітэры і аднаго допіса, зробленага там, на яго падпісалася ўжо 146 тысяч 513 чалавек.



Нешта падобнае назіраецца і ў традыцыйных мэдыях. У мінулым сэзоне кліўлэндзкіх “кавалерыстаў” паказвалі на нацыянальным тэлебачаньні кампаніі ESPN/ABC ды TNT 25 разоў. Столькі ж толькі ў фіналістаў апошняга чэмпіянату і адначасова пераможцаў трох апошніх сэзонаў бостанскіх “кельтаў” і “азёрнікаў” з гораду ангелаў. Гэта сьведчыць пра тое, што месца, куды прызямліцца ЛеБрон, адразу стане магнітам для прыцягваньня ўвагі медыяў. У выніку дадатковыя дывідэнты атрымаюць, напрыклад, кампаніі, якія валодаюць правамі на назвы арэнаў, дзе будзе граць зорка.

А стымул быць паказаным на агульнанацыянальным тэлебачаньні для ўсіх змагаючыхся за ЛеБрона сапраўды вялікі. Так, за мінулы сэзон да паказчыка “кавалерыстаў” у 13 хатніх гульняў, якія маглі ўбачыць усе амэрыканцы, усім іншым было далёка: прадстаўнікоў пяцёркі іншых галоўных прэтэндэнтаў глядзелі максымум пяць разоў.

Па падліках Front Row Analytics – кампаніі, якая займаецца ацэнкай спонсарскай дзейнасьці, толькі ад наяўнасьці ЛеБрона ў іх горадзе, а таму і рэгулярнасьці ўзгадваньня імя арэны, кампаніі атрымаюць:

– “Кліўлэнд Каваліэрз” і “Quicken Loans Arena” – $4,977,000
– “Нью-Джэрсі Нэтс”  і арэндуемы імі ў хакейнаых “д’яблаў” “Prudential Center” – $4,977,000
– “Лос-Анджэлес Кліперс” і арэндуемы імі ў канкурэнтаў-сугараджан “азёрнікаў” “Staples Center” – $3,828,462
– “Чыкага Булз” і “United Center” – $3,445,615
– “Маямі Хіт” і “American Airlines Arena” – $3,062,769
– “Нью-Ёрк Нікс” і “Madison Square Garden” атрымаюць дадаткова прыкладна $3,062,769 ад прыезда ЛеБрона ў “Вялікі Яблык”.

І для параўнаньня. Калі ЛеБрон вырашыць пераехаць з Кліўлэнду, дзе ён правёў пакуль усе свае гады кар’еры, то эфектыўнасьць валоданьня правамі на назву арэны ў “Quicken Loans” зьнізіцца за год з 4,2 мільёнаў да 700 тысяч даляраў.

ЯК ДУХ ДЖЭЙМСА ПРАДАЕЦЦА
Collapse )

Нью-Ёрк: грошы вырашаюць усё?

Клюбныя справаздачы паказваюць, што колькасьць прададзеных квіткоў дасягае 99%. Аднак дасьледваньні паказваюць, што шмат квіткоў хоць і куплены, але застаюцца ня выкарыстанымі, што адбіваецца на згубленым даходзе ад непрыстутнасьці заўзятараў на гульнях. Таму за надыходзячы сэзон у адпаведную графу дадаецца 800 заўзятараў, якія з-за прысутнасьці ЛеБрона ўсё ж вырашаць наведваць гульні рэгулярна, не пакідаючы квіткі ня выкарыстанымі.

Акрамя таго ў Нью-Ёрку на гульнях заўзятары схільны да большых тратаў падчас знаходжаньня на гульнях. Прыкладна на 3 даляры больш за сярэднія 12 на кожнага гледача па краіне. У дадатак павялічыцца і цікаўнасьць да тэлевізыйных каналаў сеткі MSG, якімі таксама валодаюць уласьнікі “Нікс”.

Вывучаючы прыклад “Лэйкерс” гэтага году і іх цанавую палітыку на квіткі на гульні фіналу, можна чакаць, што на кожнай гульні плэй-оф у Нью-Ёрку заробяць у сярэднім каля 2,5 мільёны даляраў. І гэта яшчэ кансэрватыўныя падлікі.

Колькасьць прададзеных квіткоў у сярэднім на гульню ў сэзоне 2009-10: 19,501
Рост заўзятараў: 10,742 (ці 262 за гульню рэгулярнага сэзону ў сярэднім)
Рост даходаў каманды на продажы квіткоў заўзятарам: $757,418
Рост даходаў з-за павелічэньня наведвальнасьці арэны і адпаведна колькасьці набытых заўзятарамі тавараў і паслуг (у сярэднім $15 на заўзятара і ўлічваючы поўнае выкарыстаньне квіткоў): $552,504
Рост даходаў паркінгу: $0
Спонсарскія даходы: $4 мільёны
Рост даходнасьці ад продажу раклямы на каналах MSG: $5 мільёнаў
Даходы на плэй-оф: $25 мільёнаў (прадказваючы на 10 гульняў больш у сэзоне)
Павелічэньне цэннасьці раклямнага часу на ТБ: $1 мільён
– У выніку цэннасьць ЛеБрона для “Нікс” у сэзоне 2010-11 складзе: $35,309,922

ВЫБІРАЮЧЫ БУДУЧЫНЮ: НА СКРЫЖАВАНЬНІ



Для ЛеБрона, безумоўна, зараз больш істотна вартасьць каманды для яго, а не яго ўзьнёсак у эканаміку каманды. Калі б апошняе пераважала, то ён бы выбраў кагосьці з паўночна-заходніх суседзяў – “Нью-Джэрсі” альбо “Нью-Ёрк”.

...Шчасьлівы пераможца ў гонцы за ЛеБронам будзе абвешчаны праз лічаныя гадзіны. Чырвоная дата – ад полымя інфармацыі і ролі гэтага дня для амэрыканскага баскетбола наступных гадоў – надыйшла.


...А ўсё навокал раскалілася яшчэ больш.
Журналістыка

Паўночная Карэя: выжыць пасьля футбола ўжывую

Вугальныя шахты і сваякі як нематэрыяльныя метады матывацыі, інфармацыйны прарыў па-кімчэнірску, прабачэньні азіяцкага Руні і прагляд футбола за півам разам з сям'ёй паўночнакарэйскага варотчыка ў гістарычны для расколатай надвое нацыі дзень -
у матэрыяле паводле інфармацыі аўтараў Х'юнь-Джын Кіма і Джын Лі агенцтва Associated Press у мастацкай апрацоўцы Дзяніса Талпекі.


Надрукавана ў "Салідарнасці"

Вядомая ўсім як самая закрытая краіна планеты Паўночная Карэя, ці для яе жыхароў – Карэйская Народная Дэмакратычная Рэспубліка, абрала ня лепшы момант дазволіць сваім грамадзянам убачыць крыху больш знешняга свету.

Аўтарытарны рэжым настолькі распірала ад гонару ад гульні нацыянальнаяй каманды ў першай сустрэчы чэмпіяната супраць Бразіліі, што ён пайшоў на беспрэцэдэнтны крок -- дазволіў свайму народу убачыць матч з партугальцамі ў наўпроставым эфіры. Разам з сотнямі мільёнаў жыхароў планеты.

У паўночнакарэйцаў (спадзяемся, што яны ня будуць злавацца на нас, што мы назавем іх гэтак) развілі звычку бачыць толькі пазітыўныя навіны аб сваёй краіне і яе жыхарах. Але у той дзень для іх была падрыхтавана ўжо зусім іншая гісторыя... «Еўрапейскія бразільцы», як называюць пірэнейскую дружыну ў футбольным свеце, сталі тварцамі самай буйной перамогі на гэтым турніры, адной з найбуйнейшых у гісторыі спаборніцтваў і пазбавілі карэйцаў шанцаў на "запланаваны" лідэрам краіны Кім Чэн Ірам "чарговы цуд" - прасоўванне ў наступны раунд.

Пасля паразы 0-7 адзіны карэйскі канал адразу скончыў трансляцыю, перайшоўшы да рутыннага агляду чарговага цяжкага і, нягледзячы ні на што, шчаслівага панядзелка ў краіне на поўначы Карэйскай паўвыспы. "Партугальцы перамаглі. Зараз у іх чатыры ачкі, - рапартаваў каментатар цэнтральнага вяшчання. - На гэтым мы заканчваем прамую трансляцыю".

І пабеглі больш звычайныя воку карцінкі: рабочыя і інжынеры ды амаль несупынная хвала ў бок лепшага чалавека ў свеце Кім Чэн Іра.

Разбітая і прыгнечаная паўночнакарэйская каманда тым часам хутка пакідала поле стадыёна ў Кейптаўне з апушчанымі долу вачамі.

...Яны ведалі, які гэта для КНДР дзень


І, магчыма, здагадваліся, і, вядома, думалі аб тым, якія будуць іх дні пры вяртанні на Радзіму.

Зорны форвард Чон Тхэ Се, калі прагучаў фінальны свісток, упаў на калені. Пасля ён сказаў, што вельмі засмучаны, што каманда зрабіла занадта шмат памылак і папрасіў прабачэння ў сваёй нацыі за няспраўджаныя надзеі. Звычайна гаваркі Чон пазней хуценька прашмыгнуў праз задні выхад арэны.

Партугалец Ціага, які забіў двойчы ў гэты вечар, пажадаў поспехаў карэйцам у гульні з івуарыйцамі, але прызнаўся, што не шкадаваў пра шматлікія прабоіны, якія былі нанесены супернікам яго партнерамі і персанальна ім: кожны гол яго каманды набліжаў партугальцаў да выхаду ў 1/8 фінала.

"Гэта проста футбол", - сказаў ён.

Але гэта не проста гульня для Паўночнай Карэі, дзе жабрацкі народ змагаецца кожны дзень за шчасце пракарміць свае сем'і. Калі, праз 44 гады пасля першага і да гэтага году адзінага разу калі паўночнакарэйцы гулялі на чэмпіянаце свету, гульцы каманды мінулай восенню здабылі квіток у Афрыку, іх ушаноўвалі па вяртанні дадому, як герояў.



Collapse )

Але ж тыя, хто развітаўся з краінай раней, як напрыклад экс-трэнер карэйскай каманды, тлумачаць, што дрэннае выступленне на міжнародных спаборніцтвах прыводзіць да цяжкіх пакаранняў дома. Калі пра футбольную кар'еру можна будзе думаць толькі ў часе мінулым. Напрыклад, пасьля вяртання на Радзіму футбалістаў могуць чакаць "ачышчэнне" (аб тым, хто выканае ролю Бога можна здагадацца) і, магчыма, праца на вугальных шахтах. Як не самы горшы варыянт.



...За дзень да гульні цяперашні карэйскі трэнер журналістаў і ўвесь свет упэўніваў, што ніякіх наступстваў акрамя турнірных магчымыя паразы на турніры для яго каманды мець не будуць: "Часам вы перамагаеце. Часам - саступаеце. Не ўсё ідзе заўсёды так, як хочаш. І магу ўпэўніць усіх, што ніякага пераследу каманды ў выніку няўдачы не будзе".

Магчыма, ён такім чынам супакойваў самога сябе. І сваю каманду. Як сапраўдны капітан, ён пакіне «судна» апошнім у выпадку «ссылкі ў Сібір» па-карэйску. І ўжо прыняў для гэтага меры, прызнаўшы свае памылкі праз лічаныя хвіліны пасля таго, як знік з аб'ектываў тэлекамер у падтрыбунных памяшканнях. Вядома, што ў вечар перад гульнёй Кім Чэн Ір быў вельмі заняты, таму пра яго падказкі на паслягульнявой «прадлёнцы» - ні-ні.

Нягледзячы на буйную паразу, сваякі, супакойваючы сябе і аўдыторыю адзінага ў краіне канала лепшай будучыняй, таксама не крытыкавалі каманду: "Калі яны ўспрымаць урокі сённяшняй гульні і назапасяць больш вопыту ў далейшых гульнях, я цвёрда веру, што яны дасягнуць лепшых вынікаў удалейшым", - кажа Пак Ір, цесць брамніка, рэпарцёрам кампаніі APTN.

Паўабаронца Ан Ен Хак, адзін з двух народжаных у Японіі гульцоў паўночнакарэйскай каманды, сказаў, што настрой у раздзявальні пасля сустрэчы "ня быў добрым".

Але ён ужо глядзеў наперад і быў у думках аб гульні супраць Кот-д'Івуара: "Мы зрабілі шмат памылак, з-за чаго мы праглынулі так шмат галоў, - сказаў ён агенцтву "The Associated Press". - Але мы будзем працаваць як толькі можам і спрабаваць паказаць свае найлепшыя якасці і аддаць усе сілы ў апошняй гульні на турніры".

Магчыма, у паўночнакарэйскіх футбалістаў яшчэ ёсць шанец не патрапіць да канца жыцця на вугальныя шахты. А, можа, нехта з «адзінаццаці сяброў Хуня» будзе спрабаваць рабіць усё магчымае, каб і наступную гульню нацыянальнай каманды на чэмпіянатах свету каэндээраўцы ўбачылі таксама ўжывую.

...Кожны з карэйцаў знойдзе сваю матывацыю.
Журналістыка

Пятая Чатырохгодка. Мае Кубкі Сьвету, альбо Вувузелы Завуць

Ну, вось і першы дзень Чэмпіянату Сьвету па футболе ў Афрыцы.

Віншую ўсіх прыхільнікаў футбола з пачаткам гэтых мегаспаборніцтваў.


Пачытаў успаміны пра УорлдКапы прэсболаўскіх летапісцаў і Андораца, дык пацягнула на ўспаміны і мяне.

Чэмпіянат Сьвету - гэта заўсёды лета. Лета ў дзіцячых успамінах - гэта заўсёды доўгачаканае падарожжа да бабулі. Таму першыя тры чэмпы амаль што неразрыўна зьвязаны з Касьцюковічамі. Таму і старэнькі чорна-белы тэлевізар "Весна-(нейкі нумар)" быў для мяне акном у футбольны сьвет. Можа, таму і зьявіўшыся на сьвет у сярэдзіне чэрвеня 1982-га, лёс сам падштурхнуў разьбіваць мае жыцьцёвыя перыяды не на прынятыя навокал плянавыя пяцігодкі, а на чатырохгадовыя. Вядома, што гэтаму паспрыяла і захапленьне спортам старэйшага брата і бацькі. Ну, і маці ды бабуля падключаліся паступова да нашых спартовых бдзеньняў каля тэлепрыёмнікаў :)

У 1990-м разам з братам падрыхтоўка да ЧС пачалася яшчэ ў Салігорску. Быў заведзены сшытак для адлюстраваньня разьвіцьця падзей. Памятаю, што тады пошук сьцягоў краін-удзельніц спаборніцтваў выклікаў некаторыя складанасьці. Найбольш складана аказалася знайсьці тады - да часоў інтэрнэтызацыі-кампутарызацыі - аргентынскі ды камэрунскі.

Так склалася, што яны і адкрывалі чэмпіянат. Хоць за альбісэлеставых чэмпіёнаў сьвету яшчэ тады гуляў сам Марадона запомніўся на чэмпіянаце зусім ня ён. Гол камэрунца Ражэ Міла у гульні адкрыцьця чэмпіянату - тады яшчэ, як разумею, адкрывалі чэмпіянат абавязкова ўладальнікі Кубка Сьвету, а не гаспадары - адкрыў для мяне Камэрун і стаў тым момантам, які даў штуршок цяперашяй цікавасьці да каманд чорнага кантынэнту.

Штуршок дваравым турнірам па футболу ЧС-1990 таксама даў. Мне малому на полі месца калі і знаходзілася, то ўдарыць па мячыку ўдавалася вельмі нячаста. Зато пашанцавала апынуцца ў цэнтры ўвагі падчас конкурсу на веды ЧС, які быў устроены дваравымі старшЫмі. На мае зьдзіўленьне, ніхто са шматлікіх футбалістаў рознага ўзросту ня здолеў адказаць на простае пытаньне пра тое, хто стаіць на варотах зборнай Камэруна.

- Дык, вядома, што Н'Кона!



Collapse )


Forza, Italia!

2010. Упершыню буду глядзець ЧС за акіянам.

А сам чэмп пройдзе пад слоганам "Вувузелу ў кожны дом :)"

Заўтра ЗША - Ангельшчына. Зорна-паласатых трэба падтрымаць :)

А ў 2014-м хацелася б на Бразілію паглядзець. І на нашу зборную там.

...Разам з італьянскай і на беларускую :)




Можа, у гульні з Бразіліяй і фаны Рывэр Плэйта з атрыбутыкай бы падцягнуліся ;)